BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Адзін дзень у пілігрымцы, начная працэсія і канцэрт у Будславе - ФОТА, ВІДЭА

Праз спякоту і дажджы сотні кіламетраў паломнікаў вяла Божая любоў.

Больш за 20 пілігрымак у гэтым годзе арганізавалі беларускія парафіі і дыяцэзіі Каталіцкай царквы ў Будслаў - да цудатворнага абраза Панны Марыі, урачыстасці ў гонар якой прайшлі 1-2 ліпеня. Больш за 2,5 тысяч паломнікаў прыйшлі да Маці Божай Будслаўскай з розных куткоў Беларусі, пераадолеўшы пешшу сотні кіламетраў. Самая шматлікая ў гэтым годзе была пілігрымка з Маладзечна, з якой прыйшлі ў Будслаў 350 чалавек, а найбольш доўгі шлях пераадолелі пілігрымы з Баранавічаў - амаль 300 кіламетраў за 9 дзён.

У адной з песень, якую спяваюць у дарозе пілігрымы, гаворыцца пра тое, як многія людзі думаюць, што ў паломнікаў «не ўсё ў парадку з галавой». Сапраўды, па-чалавечы - глупства ісці па спякоце па 30-40 кіламетраў у дзень, шаруючы да крыві ногі. Навошта столькі намаганняў дзеля малітвы, тым больш калі можна проста прыехаць у Будслаў? Але ў гэтай жа песні ёсць адказ, навошта паломнікі ідуць на такія ахвяры: іх кліча на сустрэчу Божая любоў - паспытаўшы яе, немагчыма не адказаць узаемнасцю. Гэта любоў, якая творыць цуды і ўзносіць душу ўгору, зараджае велізарнай энергіяй і радасцю, хоць, вядома, стомленасць цягне да зямлі і вельмі баляць ногі. З такім зарадам, у цёплых стасунках, з малітвамі, песнямі і нават танцамі моладзь, дарослыя, пенсіянеры, святары і сёстры законныя ідуць за дзень за днём і не хочуць, каб пілігрымка сканчалася.

Мы далучыліся да баранавіцкага паломніцтва на фінальным адрэзку шляху і сустрэлі пілігрымаў у вёсцы Даўгінава. Пасля стомнага дня хуткай хады па спякоце вернікі - з пагарэлымі тварамі, перавязанымі нагамі - не леглі адразу спаць. Зусім наадварот - пасля малітвы ў касцёле, вячэры і лазні паломнікі да паўночы скакалі пад канцэрт праслаўлення Бога, які зладзілі ў двары школы, дзе начавалі. У Даўгінаве да пілігрымкі далучыўся таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Ён правёў увесь вечар з пілігрымамі, падыходзіў да многіх, распытваў аб перажытых цяжкасцях і ўражаннях. Назаўтра біскуп Антоні ў адной калоне з усімі, нага ў нагу прайшоў увесь фінальны адрэзак шляху, таксама маліўся, спяваў і некалькі кіламетраў нёс цяжкі камень на «горку прабачэння» у знак пакаяння ў сваіх грахах.

У пілігрымцы ішоў пенсіянер, які кожны год, ужо больш за 20 разоў, ходзіць пешшу ў Будслаў, цяжарная дзяўчына, а таксама маладая сям'я Дзмітрыя і Вікторыі з чатырма хлопчыкамі. Упершыню ў пешае паломніцтва сужэнцы выйшлі 10 гадоў, калі былі бяздзетнымі, і прасілі аб дары бацькоўства:

- Мы ідзем разам з маленькімі дзецьмі, каб аддзячыць Богу і Панне Марыі. Бо тады мы нават уявіць не маглі, што праз дзесяць гадоў адправімся ў пілігрымку ўжо ўшасцёх!

У доўгай і цяжкай дарозе амаль ніхто не сышоў са шляху, хоць многія перажывалі дробныя і сур'ёзныя хваробы. А адна з дзяўчын наадварот атрымала дар здароўя:

- Я баялася ісці ў пілігрымку з-за таго, што мне ў апошні час вельмі баляць калені. Але гэта цуд - у шляху боль прайшоў!

У Будславе пілігрымы традыцыйна прайшлі апошнія метры да абраза Маці Божай на каленях, прадставіўшы Панне Марыі свае просьбы, якія неслі ў пілігрымцы. Вечарам для паломнікаў зладзілі адмысловую святую Імшу, а блізу паўночы ля святыні прайшла працэсія з абразом Маці Божай Будслаўскай, якую суправаджалі тысячы вернікаў з запаленымі свечкамі. Затым пачалася начная Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падзякаваў тысячам вернікаў за тое, што яны прыбылі да Маці Божай і не паддаліся спакусе застацца дома перад тэлевізарам, каб глядзець захапляльныя матчы Чэмпіянату Еўропы па футболе. На службе прысутнічаў спецыяльны госць - папскі пасланнік кардынал Крыстаф Шонборн. Мітрапаліт Тадэвуш прызнаўся, што бачыць у гэтым надзею на хуткі візіт Папы Францішка ў Беларусь. «Надзея ў Божай міласэрнасці» - такую тэму мелі сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе.

Сотні чалавек сталі ў чаргу, каб зайсці ў храм і прынесці свае просьбы Маці Божай. А тыя, хто ўжо памаліўся, утварылі іншую чаргу - ля палаткі братоў-капуцынаў, якія частавалі натуральнай кавай усяго за ахвяраванні.

З трэцяй гадзіны ночы і да самага золку ў намётавым лагеры пілігрымаў ішоў канцэрт праслаўлення Бога - моладзь ізноў танчыла без стомы. У нядзелю, 2 ліпеня, папскі пасланнік цэлебраваў цэнтральную святую Імшу, якой скончыліся ўрачыстасці. Паломнікі не жадалі пакідаць блаславёнае месца і са слязьмі на вачах развітваліся адзін з адным - да наступнага года. Дарэчы, у арганізатараў баранавіцкай пілігрымкі ёсць намер ў наступным годзе, як і ў мінулым, выйсці ў Будслаў з Брэста. За 16 дзён пешшу паломнікі плануюць пераадолець 537 кіламетраў:

- Мы зразумелі, што дзевяць дзён шляху - гэта для нас ужо занадта мала!

Нагадаем, сайт katolik-gomel.by арганізоўваў Twitter-трансляцыю з розных пілігрымак у Будслаў. Паломнікі ў дарозе выкладалі фота і відэа, дзяліліся сваімі ўражаннямі ў онлайн-рэжыме.

Media

Last modified onНядзеля, 03 Ліпень 2016 16:01
Каментары   
+2 #1 Ілья 2016-07-04 10:03
Ужо сумую па вас браты-пілігрымы :sad: Але нічога, год праляціць хутка ;-)
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць