BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Адвэнтовыя рэкалекцыі: Куды б ты ні зайшоў у сваім жыцці, заўсёды можаш вярнуцца да Бога

Айцец-капуцын Андрэй Квяцінскі праводзіць духоўныя практыкаванні, каб дапамагчы вернікам падрыхтаваць свае сэрцы да прыйсця Езуса.

У гомельскай рыма-каталіцкай царкве праходзяць Адвэнтовыя рэкалекцыі, які вядзе пробашч касцёла ў Смалявічах, айцец-капуцын Андрэй Квяцінскі. Ужо адбылося некалькі сустрэч, апошняя частка духоўных практыкаванняў адбудзецца ў надзелю на Святой Імшы ў 9.00, 12.00 і 17.00.

Падчас Літургіі пакаяння айцец Андрэй звярнуў увагу на тое, што часам з'яўляецца такі чалавек, які як анёл папярэджвае аб новым прыйсці Хрыста ў наша жыццё.

- І ён паказвае, што Бог верны - што б ні здарылася ў тваім жыцці, куды б ты ні зайшоў, заўсёды можаш вярнуцца. Калі прыходзіць складаны момант у нашым жыцці, хтосьці з'яўляецца і вяртае нас у клімат Божай любові. Калі нам бывае вельмі дрэнна, так і хочацца падысці, напрыклад, да святара і папрасіць: пераканай мяне, што Бог мяне яшчэ любіць. І патрэбен хтосьці, хто будзе пераконваць, будзе сведчыць. І гэта дасведчанне патрэбна кожнаму з нас.

Таксама святар дадаў, што часам Бог выступае ў ролі ювеліра, які кідае ў агонь самародак, каб абгарэла ўсё непатрэбнае і засталося толькі чыстае золата:

- Але перад тым, як усадзіць нас у агонь - у нейкія цяжкія сітуацыі - Бог дае нам Духа Святога. Бо іначай мы маглі б не вытрымаць і спаліцца цалкам. Пры хросце Бог дае моц злучыцца з Уваскрослым Езусам. І нават тады, калі Ён пачынае нас хрысціць нейкімі цяжкімі дасведчаннямі, мы ў стане вытрымаць. Вядома, што ў савецкія часы людзей выганялі на працу па вялікіх святах, нават на Вялікдзень. Але тут, на Гомельшчыне, было такое, што цэлыя вёскі супрацьстаялі міліцыі, уладам і замест працы выходзілі на працэсію. Якая вялікая моц была ў гэтых людзей! Яны заставаліся Богу вернымі нават у такіх акалічнасцях, дзякуючы таму, што прынялі Духа Святога. А некаторыя не змаглі вытрымаць. І Хрыстос прыходзіць як Той, хто мае рыдлёўку, якой аддзеліць зерне ад мякіны. На канцы свету мы ўбачым, што было для нас зернем, а што - мякінай. Бо часам мы шукаем розныя рэчы, якія здаюцца нам неабходнымі - напрыклад, праводзім дні на рыбалцы, за кампутарам або серыяламі, а Святы Ян заклікае: прынясіце годны плод навяртання! Ці ўклалі мы ў нейкую справу любоў, ці аддалі сваё жыццё іншаму чалавеку? Святы Ян заклікае нас не да фармальнага навяртання, як гэта рабілі фарысеі, для якіх і прыход Месіі быў фармальнасцю. А Езус чакае ад нас навяртання ў глыбіні сэрца.

 

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць