BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Як Бог з Неба прамовіў». Першы на Гомельшчыне арган з'явіўся ў Лельчыцах

Інструмент прывезлі з Варшавы, а наладзіць дапамаглі спецыялісты з Вільні

У касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах з'явіўся механічны арган. Гэта першы падобны інструмент на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Упершыню ён загучыць ў нядзелю, 20 студзеня, на канцэрце арганнай музыкі і падчас святой Імшы. Творы Баха, Рэгера, Месіяна і іншых вядомых кампазітараў сыграе літоўскі арганіст Аляксандр Ісакаў. Разам з майстрам Бярнардам Тэрменам яны прыехалі з Вільні, каб наладзіць інструмент у Лельчыцах.

Арган даставілі з Варшавы, распавёў Беларускай службе Vatican News пробашч парафіі ксёндз Віталь Мысонаў. Неяк разбіраючы рэчы, ён знайшоў абраз святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі, павесіў у святыні і папрасіў вернікаў маліцца, каб святая дапамагла набыць арган.

Праз некалькі месяцаў лельчыцкі пробашч наведваў Вільню, і пасля святой Імшы да яго падышоў арганіст мясцовага касцёла Бернард Тэрмен і прапанаваў знайсці інструмент для палескіх католікаў.

«Я кажу, што не магу заплаціць, бо гэта каштоўная рэч. Але ён паабяцаў знайсці арган бясплатна, бо ў Польшчы цяпер заказваюць новыя інструменты, а старыя разбіраюць. Прайшло каля года, і мне патэлефанавалі: арган знойдзены. Інструмент трэба было рэканструяваць і даставіць праз мяжу - Пан Бог блаславіў на гэта праз заступніцтва святой Цэцыліі», - распавёў святар.

Лельчыцкі арган складаецца з 900 труб, мае 14 галасоў - яго можна ахарактарызаваць як канцэртна-літургічны. Інструменту 60 гадоў, ён высокай якасці. Зараз сканчаюцца працы па мантажы аргана. Напярэдадні, пры наладзе, парафіяне ўжо пачулі, як гучыць інструмент.

«Вернікі былі вельмі ўражаныя. Казалі, як быццам пан Бог з Неба прамовіў!», - падзяліўся пробашч.

У парафіі маюць намер вучыць ўласнай арганіста, а пакуль на інструменце будуць граць школьнікі з касцёла, якія атрымалі музычную адукацыю. Дарэчы, усіх бацькоў у парафіі пробашч заклікае аддаваць сваіх дзяцей у музычную школу, і амаль усе з іх там вучацца.

Цікава, што продкі маэстра Бернарда Тэрмена, які знайшоў і наладзіў арган, звязаныя з Беларуссю. Дзядуля музыканта быў арганістам у Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, біскупа Мінска і Пінска.

Сімвалічна, што сёлета лельчыцкая рыма-каталіцкая парафія адзначыць 110-годдзе. Падчас святкавання новы інструмент касцёла будзе асвечаны біскупам. Дарэчы, у першым касцёле ў Лельчыцах арган таксама быў - але ён згарэў разам з будынкам храма ў 1943 годзе.

Last modified onАўторак, 22 Студзень 2019 11:05
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць