BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Я рады таму, што ў свеце ёсць шмат хрысціянскіх Цэркваў

Думаю, калі б існавала толькі адна канфесія, не так шмат людзей змаглі б прыйсці да Хрыста.

З 18 па 25 студзеня хрысціянскія Цэрквы праводзяць тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. У гэты час прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій збіраюцца разам на набажэнствы, малітвы, канферэнцыі і канцэрты.

Узгадваю, што раней я моцна перажываў аб падзеле некалі адзінай Царквы Хрыстовай і марыў пра яе ўз'яднанне. Але чым больш з'яўляюся практыкуючым хрысціянінам і маю зносіны з прадстаўнікамі розных канфесій, тым больш радуюся, што ў свеце існуе шмат хрысціянскіх Цэркваў. Радуюся, у першую чаргу, разнастайнасці, спадчыне і непаўторнаму досведу кожнай з Цэркваў.

Не магу сцвярджаць, што падзел Царквы на розныя галіны - гэта добра. Кажучы простай мовай, гэта, напэўна, дрэнна. Але, як вядома, усё дрэннае, створанае людзьмі ў сваім асабістым жыцці і чалавецтвам у цэлым свеце, Гасподзь Бог са Сваёй бясконцай любові і ўсемагутнасці пераварочвае у добрае.

Думаю, калі б існавала толькі адна Царква, дапусцім, каталіцкая, не так шмат людзей змаглі б прыйсці да Хрыста. Дзякуючы разнастайнасці канфесій у кожнага ёсць выбар. Кагосьці прыцягвае парадак і прастата каталіцкай Імшы, іншым больш пасуе загадкавы дух артадаксальнай Літургіі, хтосьці знаходзіць сябе ў служэнні пратэстантаў- харызматаў. Нягледзячы на дагматычныя рознагалоссі, галоўнае адно - мы ўсе верым і імкнемся давяраць аднаму Богу, усе шукаем Ісуса Хрыста.

Будучы каталіком, я з задавальненнем магу пабываць у праваслаўным храме або баптысцкім доме малітвы. З цікавасцю магу пагутарыць з праваслаўнымі братамі і пратэстантамі, хай нават паспрачацца на вечную тэму «якая вера больш правільная» :)) І заўважыў цікавую рэч: сустрэчы і гутаркі з братамі іншых канфесій зусім не вагаюць маю веру, а наадварот дапамагаюць у ёй умацоўвацца і не збівацца з шляху. Напрыклад, нядаўна паспрачаўшыся з пратэстантамі пра абразы і статуі ў храме, я лепш змог усвядоміць, што малюся і пакланяюся не прадмету, а жывому Богу, жывой Панне Марыі, жывым святым Божым.

Маючы зносіны разам, мы, хрысціяне розных канфесій, можам выбіраць, дзякуючы сваёй свабодзе волі, якую падарыў Бог, - можам сварыцца і даказваць адзін аднаму сваю правату, а можам проста слухаць адзін аднаго, узбагачаць адзін аднаго, дапамагаць адзін аднаму ўзрастаць у веры і вучыцца любіць. Вядома, калі паміж намі будзе Хрыстос.

Новая апытанка: А вы рады многім Цэрквам?

Каментары   
0 #2 admin 2014-01-16 18:45
Нагадваем, што гэта блог - тут асабістае меркаванне аўтараў, якое можа не супадаць з афіцыйнай пазіцыяй Каталіцкай Царквы. Хаця аб адназначнай пазіцыі па гэтым пытанні казаць цяжка.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
0 #1 Раман 2014-01-16 17:57
Здаецца, аутар ня ведае, пра што пиша. Касцел асудзиу экуменизм у энцыклицы mortalium animos unavoce.ru/.../...
Таму што па-за Катилицким Касьцелам няма збаулення
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць