Апошнія словы, жэсты і сустрэчы Папы Францішка, які памёр на Вялікдзень
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Папа Рымскі
- Add new comment
Сярод апошніх пажаданняў Францішка – вызваленне ваеннапалонных і палітвязняў: «Мір немагчымы там, дзе няма свабоды думкі і слова».
Калі чалавек пакідае гэты свет, асаблівая ўвага надаецца яго апошнім словам. 21 красавіка стала вядома пра смерць 88-гадовага Папы Рымскага Францішка – ён адыйшоў у вечнасць на другі дзень Пасхі, раніцай у Велікодны панядзелак.
Літаральна напярэдадні, меней чым суткі таму ён удзяліў благаславенне вернікам на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, некаторым паціснуў руку, сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЗША. Гэта было апошняе афіцыйнае спатканне Пантыфіка, праўда, яно доўжылася ўсяго некалькі хвілін.
Падчас аб'езду плошчы Папа крануўся дзіцяці, верагодна, хворага на рак, а потым прывітаў простую жанчыну, 79-гадовую сеньёру Кармэлу Манкузо (на галоўным фота), якая прыносіла яму кветкі і малілася аб яго аздараўленні, калі Пантыфік быў у шпіталі.
Найбольш важнымі сталі словы Францішка, скіраваныя ім да ўсіх людзей у пасхальным пасланні «Гораду і свету». Сканцэнтруемся на ключавых цытатах.
Гаворачы пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, Пантыфік падкрэсліў:
«Любоў перамагла нянавісць. Святло перамагло цемру. Праўда перамагла хлусню. Прабачэнне перамагло помсту. Зло не знікла з нашай гісторыі, яно застанецца да самага канца, але яно ўжо не валадарыць, не мае ўлады над тымі, хто прымае ласку гэтага дня».
Далей Папа выступіў з такім зваротам:
«Браты і сёстры, асабліва тыя, хто адчувае боль і роспач, ваш маўклівы крык быў пачуты, вашы слёзы былі сабраныя, ніводная не згубілася! У Муцы і Смерці Езуса Бог узяў на сябе ўвесь грэх свету і сваёй бясконцай міласэрнасцю перамог яго: выкарчаваў д'ябальскую пыху, якая атручвае чалавечае сэрца і сее гвалт і разбурэнне. Ягнё Божае перамагло! Таму сёння мы ўсклікаем: "Хрыстус, мая надзея, уваскрос!"»
Францішак нагадаў:
«Тыя, хто спадзяюцца на Бога, кладуць свае слабыя рукі ў Яго моцную далонь, дазваляюць падняць сябе і ісці далей: разам з Уваскрослым Езусам мы становімся пілігрымамі надзеі, сведкам перамогі любові, бяззбройнай моцы жыцця. Хрыстус уваскрос! У гэтым пасланні заключаны ўвесь сэнс нашага існавання, якое створана не для смерці, а для жыцця».
Галоўнае, да чаго заклікаў Пантыфік усіх у сваім апошнім пасланні – адрадзіць надзею і давер да іншых, «бо ўсе мы – дзеці Божыя»:
«Я жадаю, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы!»
Папа пажадаў, каб святло міру распаўсюдзіцца на ўвесь свет, асобна ўзгадаўшы народы Ізраіля і Палесціны. Пры гэтым адзначыў, што яго трывожыць рост антысемітызму ў свеце.
«Няхай Уваскрослы Хрыстус прынясе велікодны дар міру для змучанай Украіны і натхніць усе бакі на намаганні дзеля справядлівага і трывалага міру!» – пажадаў Пантыфік.
Таксама ён падкрэсліў, што «мір немагчымы там, дзе няма рэлігійнай свабоды, свабоды думкі і слова, дзе не паважаецца іншае меркаванне, мір немагчымы без сапраўднага раззбраення».
Святы Айцец звярнуўся да ўсіх палітыкаў свету, заахвочваючы іх не паддавацца логіцы страху, а ўжываць рэсурсы дзеля дапамогі патрабуючым, барацьбы з голадам і падтрымкі ініцыятыў развіцця.
Сярод апошніх пажаданняў Францішка – вызваленне ваеннапалонных і палітычных вязняў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Media
Related items
-
«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
-
«Дзе няма справядлівасці, няма дзяржавы». Папа Рымскі – пра важныя аспекты жыцця грамадства
-
«Спынілася сэрца, знайшлі ля касцёла». Малады ксёндз раптоўна памёр у Гродзенскай вобласці
-
Каталіцкіх святароў няма сярод вызваленых беларускіх вязняў
-
На новы навучальны год благаславілі ў касцёлах Беларусі – топ-9 фота і відэа