BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Сотні людзей, «Магутны Божа», словы святара: Вітольд Ашурак пахаваны ў Бярозаўцы

За каталіцкага верніка, асуджанага і памерлага ў калоніі, маліліся ў касцёле - фота, відэа

У каталіцкай парафіі Спаслання Святога Духа ў Бярозаўцы Лідскага раёна развіталіся з Вітольдам Ашуркам, які памёр у шклоўскай калоніі. Каталіцкі вернік адышоў у вечнасць ва ўзросце 50 гадоў. У парафіі яго ведалі як удзельніка малітоўных груп, а затрымлівалі яго аднойчы з пацеркамі для Ружанца ў руках, калі Вітольд вяртаўся з малітвы. Пахавалі верніка таксама з пацеркамі ў руках.

Сотні людзей прыйшлі і прыехалі з іншых гарадоў на пахаванне Вітольда. На могілках ля труны прысутныя праспявалі беларускі духоўны гімн "Магутны Божа". Святар Андрэй Радзевіч падчас жалобнай святой Імшы ў касцёле на казанні зачытаў свой ліст да Вітольда. У ім святар працытаваў Эрыха Марыю Рэмарка, які пісаў пра тое, што «ў цёмныя часы добра відаць светлых людзей». Вітольд для яго быў адным з тых, хто сваім святлом асвятляў Беларусь.

Вернік памёр у калоніі пры нявысветленых абставінах. Яго цела аддалі сваякам на пяты дзень пасля смерці, пры гэтым галава была амаль цалкам схаваная бінтамі. На твары бачныя сляды ран. Напярэдадні Следчы камітэт заявіў аб тым, што асуджаны атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці твару «падчас падзення», і апублікаваў адпаведнае відэа. На запісе відаць, як знясілены мужчына хістаецца і раптам падае, удараючыся галавой. Пры гэтым, са слоў супрацоўнікаў калоніі, асуджаны «скаргаў на стан здароўя не выказваў, адмовіўся ад дапамогі і шпіталізацыі», гаворыцца ў інфармацыі.

Пад вартай Вітольд быў з 19 верасня 2020 года. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным: на закрытым судзе мужчыну асудзілі на пяць гадоў калоніі, абвінаваціўшы па двух крымінальных артыкулах - за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў. Два тыдні ад мужчыны ніхто не атрымліваў лістоў, а ў адным са сваіх апошніх лістоў Вітольд распавядаў пра жоўтыя біркі на вопратцы асуджаных за пратэсты.

Media

Last modified onАўторак, 08 Лістапад 2022 13:04
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць