«Ужо былі пададзеныя дакументы ў ЗАГС». Блогерка распавяла, як здабыла веру і трапіла ў кляштар
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Ася Паплаўская адкрыта апісвае гісторыю свайго навяртання, падобную на «прыгодніцкі фільм». Яна насіла пярсцёнак з дыяментам і шыла вясельную сукенку, і раптам «пачаў дзейнічаць Ён».
Вядомая ў Беларусі блогерка, журналістка Ася (Галіна) Паплаўская, якая правяла 5 гадоў пры каталіцкім кляштары, але ў выніку не была прынятая ў ордэн Эўхарыстак, вярнулася да вядзення блога. Але — трансфармавала яго ў каталіцкі блог. Ася выкладвае рылсы з псалмамі, якія набіраюць тысячы праглядаў, дзеліцца сведчаннямі веры і гісторыяй свайго навяртання.
Як прызналася Ася, перад тым, як вырашыць стаць законнай сястрой, яна вяла актыўнае свецкае жыццё і збіралася замуж — ужо былі пададзены дакументы ў ЗАГС і аплачана вясельная цырымонія.
«Працавала самастойна, жыла ў добрай кватэры, у мяне было шмат сяброў, наведвала прэстыжныя мерапрыемствы, ездзіла адпачываць 3-4 разы на год... Але ўнутры было пуста. Я адчувала нейкую смагу, якую не магла наталіць нічым і нікім»,
— патлумачыла блогерка.
«Калі я ўжо была заручаная, насіла на пальцы пярсцёнак з дыяментам і шыла вясельную сукенку «мары», Ён пачаў дзейнічаць рашуча і хутка... Далейшыя падзеі майго жыцця падобныя на прыгодніцкі фільм з элементамі камедыі і драмы»,
— піша Ася.
Усё пачалося з таго, што як трэвел-журналіст яна стала цікавіцца каталіцкімі храмамі Беларусі, пісаць пра іх, затым вырашыла падрыхтаваць матэрыял пра святара, які запрасіў яе на святую Імшу ў Папяльцовую сераду.
«Увечары ў рэстаране мяне чакаў мой жаніх, а айцец Кірыл кажа: «Ася, калі ты праводзіш з чалавекам увесь яго працоўны дзень, то павінна пайсці на святую Імшу, якую я служу ўвечары». Я? На Імшу? Ды добра! Пайшла — з прынцыпу... Пазней, калі ўжо была ў кляштары, усвядоміла, што маё навяртанне адбылося ў Папяльцовую сераду, калі я стала на калені перад Госпадам, а святар пасыпаў на маю малінавую галаву попел са словамі: «Кайся і веруй у Евангелле».
Пасля першай Імшы блогерка захацела «зразумець каталіцтва знутры» і трапіла на катэхезу да сясцёр дамініканак:
«Спачатку хадзіла адна, а праз некалькі месяцаў да мяне далучыўся мой жаніх — вырашылі, што будзем рыхтавацца да шлюбу. Чым больш я пазнавала асновы каталіцкай веры, чым часцей хадзіла на Імшы, чым больш часу праводзіла з сястрой Ганнай у касцёле, тым больш і больш маё сэрца адчувала недахоп чагосьці самага важнага ў маім такім прыгожым і актыўным жыцці. Я малілася аб ясным разуменні майго шляху і з часам пачала адчуваць прагу Бога».
Усё часцей Ася стала пісаць пра Касцёл, пра веру, пра пошук Бога і ўсё менш — пра рэстараны, дамы адпачынку, падарожжы і свецкія мерапрыемствы. Затым яе запрасілі на сустрэчу ў Браславе і пасялілі пры кляштары:
«Ува мне жыла вялізная, неўсвядомленая да пары, прага дома — з першага дня жыцця, калі ад мяне адмовіліся мае біялагічныя бацькі. І вось я адчуваю сябе дома ў... кляштары».
Ася працягне распавядаць пра далейшыя падзеі ў сваім жыцці на старонцы ў Instagram.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Апублікавана відэа прэзентацыі альбому на вершы святой Тэрэзы – унікальнага праекта беларусаў
- Ксёндз-акцёр, жоўтыя біркі – незвычайна адзначылі юбілей касцёла ў Варнянах
- Першая нанакапліца са штучным інтэлектам у Польшчы выклікала захапленне і крытыку
- Ксёндз Завальнюк набраў тысячу падпісчыкаў. Ён стаў адзіным, хто згадаў пра гадавіну закрыцця Чырвонага касцёла
- Быў ксяндзом – стаў шматдзетным бацькам. Адкрыта – пра былых святароў