BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску быў прыпынены. Чаму – даведаліся вернікі

Тэрміны завяршэння рэканструкцыі зрушаныя не будуць, запэўнілі ў дзяржпрадпрыемстве.

Жыхары Мінска заўважылі, што апошні месяц працы па рэканструкцыі Чырвонага касцёла, якія вядуцца ўжо амаль год і павінны быць завершаны сёлета, амаль не праводзілі. Вернікі, якія назіраюць, наколькі гэта магчыма, за ходам работ, пацвердзілі: апошнім часам рамонт вялі неактыўна.

Нягледзячы на высокі плот, было заўважна, што будаўнікоў на пляцоўцы амаль не было, з касцёла не даносіліся характэрныя гукі рамонту.

У парафіі святога Сымона і святой Алены вернікаў ніяк не інфармуюць аб ходзе работ, таму прыпыненне рамонту прывяло да з'яўлення пэўных здагадак і чутак.

Каб развеіць сумневы, адзін з вернікаў дазваніўся ў дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», якое з'яўляецца ўласнікам будынку касцёла і заказчыкам работ.

Адказная асоба прадпрыемства пацвердзіла, што рамонт быў прыпынены на некаторы час, і патлумачыла прычыну тым, што з'явілася неабходнасць правядзення дадатковых работ.

Як адказалі верніку, «былі некаторыя пытанні, патрабаваўся час на праходжанне новай экспертызы».

Аднак у «Мінскай спадчыне» запэўнілі, што цяпер асноўныя работы ўжо аднаўляюцца, а тэрміны завяршэння рэканструкцыі зрушаныя не будуць.

Нагадаем, аб'ект павінны ўвесці ў эксплуатацыю ў студзені 2027 года. Але ці перададуць яго зноў у карыстанне парафіі і калі так, то на якіх умовах, – вернікам дагэтуль не паведамлялі.

Таксама нагадаем, што вернікам не далі дазволу памаліцца ля Чырвонага касцёла ў памятную дату па просьбе былога пробашча парафіі ксяндза Уладзіслава Завальнюка. У канцы сакавіка святар казаў у сваім відэа, што будзе далей спрабаваць атрымаць дазвол, але з таго часу нічога болей не паведамляў на гэту тэму.

Дарэчы, упершыню за апошні час, у мінулую нядзелю, падчас святой Імшы для супольнасці Чырвонага касцёла ў парафіяльных аб'явах прагучаў заклік да малітвы аб тым, каб вернікі як мага хутчэй маглі вярнуцца ў свой храм. Праўда, аб'явы чытаў не пробашч парафіі, а вікарый.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onЧацвер, 14 Май 2026 11:38
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць