Працэсія Божага Цела ў Гродне сабрала тысячы католікаў [ФОТА]
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
У шэсці ўдзельнічалі біскупы і ватыканскі іерарх.
Увечары 26 траўня ў Гродне - «самым каталіцкім» абласным цэнтры Беларусі - адбылася традыцыйная працэсія Божага Цела. У гэты дзень Каталіцкая Царква штогод адзначае ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыстовых (у многіх гарадах свята пераносіцца на нядзелю, у прыватнасці ў Мінску і Гомелі працэсіі Божага Цела адбудуцца 29 траўня).
Падчас працэсій католікі праходзяць па галоўных вуліцах гарадоў урачыстым шэсцем з Найсвяцейшым Сакрамэнтам - Целам Хрыстовым, якое Гасподзь аддаў за збаўленне свету і кожнага чалавека. Працэсія слухае чытанні з Евангелля і моліцца аб горадзе, краіне, усім свеце, аб дамах і працоўных месцах, аб тым, каб Гасподзь бярог ад голаду і вайны. Па шляху дзяўчынкі пасыпаюць пялёсткамі кветак дарогу для Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
У Гродне вернікі прайшлі шэсцем па цэнтры горада, спыняючыся ля касцёлаў. Ацэньваючы колькасць удзельнікаў працэсіі, Catholic.by называе лічбу ў 12-13 тысяч: «Гэта не проста маніфестацыя веры, але доказ таго, што католікі Гродна ганарацца тым, што яны вызнаюць Хрыста, што прыналежаць да Каталіцкага Касцёла. Урачыстасць Божага Цела - гэта адзін з тых прыгожых і адказных момантаў, калі вернікі могуць паказаць сваю колькасць, сваю традыцыю, сваю культуру і свайго Збаўцу ўсім, хто навокал».
Кардынал Зянон Грахалеўскі, які прысутнічаў на Нацыянальным Эўхарыстычным Кангрэсе, што праходзіў гэтыя дні ў Гродне і ўрачыста завершыўся працэсіяй Божага Цела, адзначыў:
- Толькі кроў Хрыста нас збавіць. Але гэтага не адбудзецца, калі не далучыць да яе крыж нашага жыцця. Калі мы не хочам маліцца, гэта якраз той момант, калі варта падняць свой крыж. Узяць свой крыж мы павінны і ў момант, калі не можам дараваць, калі церпім спакусу, калі маем цяжкасці з верай.
Ватыканскі іерарх пажадаў, каб Эўхарыстыя станавілася для кожнага верніка штораз большай «крыніцай і шчытом».
Related items
- Старадаўняя капліца згарэла на могілках у Смаргоні
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Не сказалі нават біскупу». Даведаліся, на які тэрмін асудзілі святароў у Віцебску
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын