У Кракаве праходзяць Сусветныя дні моладзі з удзелам Папы Францішка - TWITTER-трансляцыя + ВІДЭА
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Comments (1)
Тут чакаюць каля 1,5 млн. гасцей са 187 краін, у тым ліку больш за тысячу беларусаў.
26-31 ліпеня ў польскім Кракаве праходзяць XXXI Сусветныя дні моладзі - сустрэча маладых хрысціян-католікаў з амаль усіх краін свету. Тэмай фестывалю стане фраза з Нагорнай пропаведзі Хрыста «Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць». На фестываль афіцыйна зарэгістраваліся больш за 350 тыс. чалавек з 187 краін, у тым ліку прыехалі звыш тысячы беларусаў. Больш за ўсё зарэгістравалася прадстаўнікоў Польшчы (30%), Італіі (13%), Іспаніі і Францыі (па 6%). Усяго ў Кракаве чакаюць прыезду 1,5-2 млн. гасцей, паколькі большасць не праходзяць рэгістрацыю.
Арганізатары маюць намер размяшчаць гасцей у сем'ях мясцовых вернікаў, школах, іншых публічных установах. Набажэнствы і іншыя мерапрыемствы будуць праходзіць, у асноўным, на польскай і англійскай мовах, але таксама на іншых нацыянальных мовах, у тым ліку беларускай, рускай, украінскай.
Папа Францішак падчас візіту ў Польшчу наведае Кракаў, Ясную Гару (кляштар у горадзе Чэнстахова, які вядомы цудатворнай іконай Божай Маці) і лагер смерці Аўшвіц, сустрэнецца з прэзідэнтам краіны і мясцовым духавенствам. У праграму Сусветных Дзён Моладзі ўваходзяць цэнтральныя дні сустрэч са Святым Айцом, а таксама спадарожныя ім мерапрыемствы духоўнага і культурнага характару: літургіі, катэхізацыі, сустрэчы з вядомымі суполкамі і рэлігійнымі рухамі, а таксама канцэрты і выступы.
Першая сустрэча з Папам Францішкам - цырымонія прывітання - адбудзецца ўвечары 28 ліпеня. Назаўтра, у пятніцу, пройдзе Крыжовы шлях, які падкрэслівае пакаянны характар СДМ. Найбольш асабістым момантам з'яўляецца чуванне са Святым Айцом. Гэта незвычайна інтэнсіўны час малітвы і сустрэчы з Хрыстом, поўны радасці і засяроджвання. Такім чынам, падкрэсліваецца моладзевы характар СДМ. Суботнім вечарам 30 ліпеня ўдзельнікі сустрэчы разам з Папам будуць маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. 31 ліпеня прыйдзе час апошняй цэнтральнай падзеі, якой стане Св. Імша закрыцця, цэлебраваць якую будзе сам Святы Айцец. Закрыццё стане урачыстым падвядзеннем вынікаў Дзён моладзі і іх кульмінацыйным момантам. Падчас гэтай Эўхарыстыі Папа разашле маладых людзей па ўсім свеце з місіянерскім даручэннем. У самым канцы, падчас малітвы «Анёл Панскі», Святы Айцец Францішак па традыцыі абвесціць месца і дату наступных СДМ.
Упершыню Сусветныя дні моладзі прайшлі па ініцыятыве Папы Рымскага Яна Паўла II ў 1986 годзе ў Рыме, і з таго часу адзначаюцца раз у два-тры гады. Фестываль у Кракаве стане ўжо 31-м па ліку.
З 27-га ліпеня сайт katolik-gomel.by плануе весці твітэр-трансляцыю з паведамленнямі і фота знаходжання беларусаў у Кракаве, а таксама мерапрыемстваў СДМ. А ўнізе старонкі, пасля нашай твітэр-стужкі, размешчаныя відэа-трансляцыі цэнтральных падзей СДМ з удзелам Папы Францішка.
Media
Related items
- У Беларусі прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю каталіцкі абрад «Тры каралі»
- Дыскатэкай на ўсю вуліцу адзначаюць на Гродзеншчыне... Першую Камунію ў дзяцей
- Старадаўняя капліца згарэла на могілках у Смаргоні
- Тым, хто не можа на Радуніцу памянуць блізкіх у храме, прапануюць гэта зрабіць дыстанцыйна і бясплатна
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу