У Іспаніі адышоў у вечнасць бацька 18 дзяцей
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Хасэ Марыю Пасціга называлі святым ужо пры жыцці.
Днём 6 сакавіка ў іспанскай клініцы ад раку памёр 55-гадовы Хасэ Марыя Пасціга з Барселоны. Ён і яго жонка Роза Пік вядомыя як адны з самых шматдзетных сужэнцаў у Еўропе, а ў 2015 годзе яны атрымалі званне «Еўрапейскай шматдзетнай сям'і» і прэмію ў 5 тыс. еўра, якую ахвяравалі іншым шматдзетным сем'ям.
Хасэ Марыя быў бацькам 18 дзяцей, але перажыў смерць траіх з іх. Мужчына стварыў сапраўды шчаслівую сям'ю, быў не толькі выдатным бацькам і мужам, але і шмат часу аддаваў на служэнне іншым сем'ям. Ён актыўна ўдзельнічаў у Міжнароднай федэрацыі развіцця сем'яў IFFD, ездзіў па многіх краінах у розныя куткі свету, каб дзяліцца сваім досведам, арганізоўваў і праводзіў курсы «Акадэміі сям'і».
Адной з такіх апошніх паездак для Хасэ Мары і Розы стала паездка ў Беларусь - у Мінску і Гомелі іспанскія сужэнцы сустрэліся з мясцовымі сем'ямі і прэзентавалі кнігу Розы на беларускай мове «Як жыць шчасліва ў сям'і з 1,2,3... дзецьмі?». Тады шматдзетнага бацьку папрасілі распавесці, як быць добрым татам:
- Бацька павінен удзельнічаць у выхаванні дзяцей з самага нараджэння, гуляць з імі, разам валяцца па падлозе і дурэць, калі гэта трэба. Калі ён стане сябрам для дзяцей, то ў падлеткавым узросце яны будуць давяраць бацьку свае праблемы, і ён зможа дапамагчы ім. Мы абавязкова вячэраем ўсе разам, каб выслухаць кожнага дзіцяці, пагаварыць з ім - вельмі важна размаўляць за ежай, а не глядзець тэлевізар ці сядзець у гаджэтах. Бо каб палюбіць кагосьці, трэба яго добра ведаць. Трэба аддаваць сваю любоў, каб атрымаць яе ўзамен. Мы з жонкай не ідэальныя і, бывае, лаемся - пры дзецях таксама. А потым просім прабачэння - таксама перад імі, каб дзеці вучыліся прасіць прабачэння і дараваць. І мы з Розай абавязкова ўдзяляем час, каб пабыць сам-насам адзін з адным і падтрымліваць сваё сужэнскае каханне. Выхадныя заўсёды праводзім разам з усімі дзецьмі ў актыўным адпачынку, - распавядаў Хасэ Марыя.
У лютым шматдзетны бацька адчуў сябе дрэнна, у яго пачаліся моцныя болі. Мужчыну паклалі ў шпіталь і неўзабаве выявілі цяжкую форму раку. Але ўратаваць яго не ўдалося - было занадта позна. У панядзелак жонка Роза напісала ў Фэйсбуку:
- Бог - наш Айцец. Гэта вельмі добра, але часам незразумела. Гадзіну таму Чэма пакінуў нас і адыйшоў на Нябёсы назаўжды, назаўжды, назаўжды... Мы не ведаем, што Бог падрыхтаваў нам. Я хачу яшчэ раз падзякаваць за вашу падтрымку, малітвы і любоў. Мы па-ранейшаму разлічваем на вашыя малітвы!
Уся сям'я Хасэ Марыі - вернікі-хрысціяне, яны актыўныя католікі, кожны дзень наведвалі святую Імшу і разам маліліся. Тыя, хто ведаў Хасэ Марыю, у тым ліку святары, ужо пры жыцці называлі яго святым - за ахвярнасць і любоў, якімі было напоўнена яго жыццё.
Media
Related items
- Напярэдадні Вялікадня праваслаўны архіепіскап наведаў каталіцкі цэнтр у Гомелі
- Фэст у лясной капліцы з незвычайнай гісторыяй святкавалі капуцыны і пілігрымы
- «Бог даў нам адсутнасць паветранай трывогі». Пра Дзень дзіцяці ў Жытоміры распавёў біскуп
- Пад'ём у 3:30, маўчанне і ніякіх гаджэтаў. Адзіны ў свеце беларус камельдул наведаў родны горад
- Ці ўступаць у піянеры, спыталі ў вернікаў – частка адказаў здзівіла