Петыцыя аб аднаўленні ў Гродне Фары Вітаўта сабрала тысячу подпісаў
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Царква
- Add new comment
Старажытны каталіцкі храм узарвалі савецкія ўлады ў 1961 годзе.
Петыцыю да прэзідэнта Беларусі аб аднаўленні ў Гродне каталіцкага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі (Фары Вітаўта) стварыў на сайце Change.org жыхар абласнога цэнтра Аляксандр Зімін. 22 чэрвеня петыцыя сабрала ўжо больш за 1000 подпісаў.
- Фара Вітаўта для Беларусі - гэта сімвал, такі ж знакавы, як Полацкая Сафія. Візуальна Фара цудоўна замыкала б кола храмаў цэнтра Гродна і надавала б яму цалкам іншае аблічча, не кажучы ўжо аб гістарычнай каштоўнасці і турыстычнай прывабнасці горада, які зараз уваходзіць у бязвізавую зону «Аўгустоўскі канал». Аднаўленне аб'екта такога ўзроўню не застанецца незаўважаным і дасць гораду і краіне шмат плюсаў, - піша аўтар петыцыі. - Разбураная Фара - сімвал страчанай гістарычнай памяці народа. Аднаўленне Фары Вітаўта будзе сімвалізаваць вяртанне беларусам памяці пра сваё мінулае. Зараз у скверы ўстаноўлены помнік. Помнік - гэта добра, ён сімвалічны, ён аб'ядноўвае дзве веры і паказвае, што мы не зусім забыліся мінулае, але сапраўднай справай бачыцца аднаўленне Фары Вітаўта. Гэта будзе правільна. Правільна ў дачыненні да будаўнікоў знішчанага храма, многіх пакаленняў яго парафіянаў, жыхароў і гасцей Гродна, нашых нашчадкаў, якія будуць ведаць, што мы ўмеем выпраўляць памылкі і шанаваць памяць продкаў і сваю гісторыю.
Аўтар петыцыі адзначае, што распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі і аднаўленне аб'екта матэрыяльна вельмі затратныя і згодна з бюджэтным кодэксам не прадугледжаныя за кошт дзяржбюджэту ў найбліжэйшай будучыні. Таму ёсць прапанова правесці грамадскія слуханні па гэтым пытанні і ў выпадку станоўчай рэакцыі насельніцтва арганізаваць народны збор сродкаў.
Фара Вітаўта (ад нямецкага pharre (парафія) - гатычны касцёл у Гродне, пабудаваны ў другой палове XIV стагоддзя, які заснаваў Вялікі князь Вітаўт. У 1961 годзе па распараджэнні мясцовай камуністычнай улады касцёл быў узарваны. У 2016 годзе жыхары Гродна ўжо накіроўвалі зварот мясцовым уладам наконт аднаўлення Фары Вітаўта і атрымалі адказ, што аднаўленне аб'екта за кошт бюджэтных сродкаў не прадугледжана.
Related items
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Не сказалі нават біскупу». Даведаліся, на які тэрмін асудзілі святароў у Віцебску
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын
- «Зробім каталіцкае ТБ». Два моцныя YouTube-праекты запусцілі святары і манахіня