Марыі Маці Касцёла - новае свята ў католікаў
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Успамін адзначаецца ў панядзелак пасля ўрачыстасці Пяцідзесятніцы
У першы панядзелак пасля Пяцідзесятніцы ў Каталіцкай царкве з нядаўняга часу адзначаецца свята Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла. Нагадаем, у мінулым годзе Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апублікавала дэкрэт, згодна з якім літургічны ўспамін Благаслаўлёнай Панны Марыі Маці Касцёла быў упісаны ў Агульны рымскі каляндар. Такім чынам было рэалізавана рашэнне Святога Айца Францішка.
Новая цэлебрацыя, як тлумачыцца ў дакуменце, са спасылкай на дагматычную канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора “Lumen Gentium”, павінна паспрыяць лепшаму разуменню прысутнасці Марыі “ў таямніцы Хрыста і Касцёла”, паведамляла be.radiovaticana.va.
Яшчэ 21 лістапада 1964 г. папа Павел VI урачыста надаў Марыі тытул “Маці Касцёла”. Пачуццё хрысціянскага народу праз два тысячагоддзі гісторыі культывавала сыноўнюю сувязь, якая непарыўна і розным чынам звязвае вучняў Хрыста і Найсвяцейшую Маці, напісаў у сваім каментары да дэкрэту кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.
Вада і кроў, якія цяклі на крыжы з Хрыстовага сэрца, сведчаць пра татальнасць Яго адкупленчай ахвяры і працягваюць даваць жыццё Касцёлу праз хрост і Эўхарыстыю. У гэтай цудоўнай камуніі, якая сілкуецца сувяззю паміж Адкупіцелем і адкупленымі, Найсвяцейшая Марыя выконвае сваю матчыну місію, дадаў іерарх.
Ён нагадаў, што Ян Павел II даў магчымасць біскупскім канферэнцыям дадаць заклік “Маці Касцёла” да Літаніі Ларэтанскай. А з цягам часу ўспамін Марыі Маці Касцёла быў зацверджаны ў календарах некалькіх краін, такіх як Польшча і Аргентына, а таксама ў пэўных месцах, напрыклад, у базыліцы св. Пятра.
Папа Францішак пастанавіў, што ўспамін Благаслаўлёнай Панны Марыі Маці Касцёла ва ўсім Касцёле рымскага абраду будзе адзначацца ў панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Гэта падкрэсліць відавочнасць сувязі паміж жыццёвасцю Касцёла Пяцідзесятніцы і мацярынскім клопатам Марыі.
Related items
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы
- Не святар: разабралі памылковую інфармацыю пра затрыманне верніка ў Омску
- Пасля сутак на мяжы кіроўцу не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Прычына небанальная