Папа: «Узнавіць поўную еднасць паміж католікамі і праваслаўнымі»
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Францішак запэўніў Барталамея І ў імкненні працаваць над аднаўленнем поўнай камуніі паміж хрысціянамі Усходу і Захаду
Папа Рымскі Францішак скіраваў пасланне да Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І з нагоды свята св. Андрэя - апекуна Канстантынопальскага Патрыярхату, якое адзначаецца 30 лістапада.
- Запэўніваю ў непахісным намеры Каталіцкага Касцёла і сваім асабістым, працягваць наша імкненне працаваць над аднаўленнем поўнай камуніі паміж хрысціянамі Усходу і Захаду, - адзначыў Францішак.
Пасланне перадаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Святога Пасаду, якая прыбыла ў Фанар. Традыцыя абмену дэлегацыямі з нагоды ўрачыстасцей апосталаў Пятра і Паўла і апостала Андрэя, паводле Папы, з’яўляецца выразам імкнення да поўнага адзінства. Пантыфік узгадаў пра 40-годдзе Сумеснай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, паўстанне якой ініцыявалі Патрыярх Дзімітрыёс I і Папа Ян Павел II падчас візіту апошняга ў Фанар з нагоды свята св. Андрэя. За гэтыя гады было зроблена шмат значных крокаў наперад, - падкрэсліў ён.
“Пошукі ўзнаўлення поўнай еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі, безумоўна, не абмяжоўваюцца выключна тэалагічным дыялогам, але ажыццяўляюцца таксама і праз іншыя каналы касцёльнага жыцця. Нашы адносіны падтрымліваюцца перш за ўсё праз сапраўдныя жэсты ўзаемнай павагі і пашаны. (...) Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква ўжо адправіліся ў гэты шматспадзеўны шлях, пра што сведчаць нашы сумесныя ініцыятывы. Я таксама веру, што ў мясцовым кантэксце ўсе мы будзем усё больш умацоўваць штодзённы дыялог любові і жыцця ў сумесных духоўных, душпастырскіх, культурных і дабрачынных праектах”, - напісаў Францішак.
“Аб’яднаўшыся ў малітве праз заступніцтва апостала Андрэя, яшчэ раз дасылаю мае самыя цёплыя пажаданні Вам і ўсім прысутным, абменьваючыся з Вамі святымі абдымкамі ў Хрысце, Пане нашым”, - завяршыў сваё традыцыйнае пасланне да Патрыярха Канстантынопальскага Пантыфік.
Related items
- «Пад зямлёй адчула сябе шчаслівай». Беларуска працуе ў шахце і запрашае туды на Імшу
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Мілыя фота з жывёламі ў Баранавічах выклалі манаскія асобы
- Пасля сутак на мяжы кіроўцу не ўпусцілі ў Беларусь з Польшчы. Прычына небанальная
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў