Не можам спакушаць Бога: Касцёл прыняў новыя меры супраць каранавірусу
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Старэйшым асобам дазваляюць не ўдзельнічаць у нядзельнай і святочнай Імшы
Пастаянная Рада Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі апублікавала рэкамендацыі ў сувязі з распаўсюджваннем небяспечнага каранавірусу. Чалавек, які ў сучасным секулярным свеце ўявіў сябе «богам», яшчэ раз пераконваецца, што такім не з’яўляецца. У гэтай перспектыве Вялікі пост павінен стаць благаслаўлёным часам для перамены нашага жыцця, цытуе паведамленне Catholic.by.
- Як веруючыя людзі, мы спадзяемся на Божую дапамогу, але разам з тым не можам спакушаць Бога: патрэбныя і нашыя высілкі. Вельмі добра пра гэта нагадвае Евангелле першай нядзелі Вялікага посту. Калі д’ябал прапанаваў Езусу кінуцца ўніз з высокай святыні, бо, маўляў, анёлы не дазволяць Яму разбіцца, то Хрыстус адказаў, што нельга выпрабоўваць Бога, - піша Пастаянная Рада ККБ.
Паводле біскупаў, малітва і давер да Бога павінны ісці поплеч з намаганнямі спецыялістаў для перамогі ў гэтай барацьбе. Вера ў Бога і давер да Яго не супярэчаць таму, каб мы карысталіся дадзеным нам Стварыцелем дарам розуму і разважліва паступалі:
- Абмежаванні ў арганізацыі мерапрыемстваў з вялікай колькасцю людзей і ўдзелу ў іх у цяперашняй сітуацыі пандэміі каранавірусу - гэта не абмежаванне свабоды чалавека, а праява міласэрнасці да бліжняга, каб нікога не заразіць небяспечнай хваробай.
Пастаянная Рада ККБ рэкамендуе дыяцэзіяльным біскупам вызваліць ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікаў старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на заражэнне каранавірусу, асобаў з сімптомамі хваробы, дзяцей і школьную моладзь, а таксама асобаў, якія імі апякуюцца, і тых, хто адчувае страх заражэння. Далучыцца да малітвы Касцёла рэкамендуецца праз радыё- і відэ-трансляцыі.
Біскупы заклікаюць сем'і штодня ў гадзіну Божай Міласэрнасці ў 15.00 маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, і (або) у 20.30 святы Ружанец, каб супольна ахінуць усю краіну гэтымі традыцыйнымі для нашага народа малітвамі. Калі па важных прычынах прапанаваны час не адпавядае, то можна ўключыцца ў малітву ў любы іншы час.
- Не паддавацца паніцы, якая не з’яўляецца добрым дарадчыкам, але, як належыць людзям веры, даверыцца Міласэрнаму Богу, а таксама лекарам, якія з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках, і адказным за захаванне грамадскага парадку, - падкрэсліваецца ў паведамленні.
Related items
- У Беларусі праходзяць святы Першай Камуніі – як гэта было ў сельскіх храмах
- Як у вёсках праходзяць Маёвыя набажэнствы, паказалі на Гродзеншчыне
- «Сезон пілігрымак» адкрыла паломніцтва з Пінска ў Лагішын
- «Зробім каталіцкае ТБ». Два моцныя YouTube-праекты запусцілі святары і манахіня
- Не Галівуд: беларускія святары запусцілі круты праект з асновай на рэальных фактах