«Да нармалізацыі сітуацыі»: Пілігрымкі і ўрачыстасці ў Будславе перанесены
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Comments (1)
Агульнагарадскія працэсіі Божага Цела адмененыя з-за каронавірусу
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла перанесці гэтыя масавыя мерапрыемствы, - паведаміў Беларускай службе Vatican News арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Пасяджэнне епіскапату ўпершыню ладзілася ў онлайн-фармаце. Іерархі вырашылі, што адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе 2 ліпеня ўсё ж адбудуцца, але – на парафіяльным узроўні, паводле плана, распрацаванага сумесна кусташам санктуарыя і курыяй.
Тэрмін агульнабеларускіх урачыстасцей у Будславе пакуль не вызначаны. Канкрэтныя даты будуць абвешчаны пасля нармалізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі.
“Ніякай забароны на наведванне будслаўскай базылікі не будзе, людзі змогуць прыйсці або прыехаць. Напрыклад, у санктуарый Сант’яга-дэ-Кампастэла прыходзяць індывідуальныя пілігрымы. Але мы не можам праводзіць арганізаваных пілігрымак. Бо найчасцей паломнікі начавалі ў школах, а цяпер нават цяжка ўявіць, што мы ў такой сітуацыі атрымаем на гэта дазвол. Таксама людзі ахвотна прымалі на начлег. Але мы не можам ім несці небяспеку заражэння”, - адзначыў арцыбіскуп.
Таксама іерархі вырашылі працягнуць да 15 жніўня час для выканання вернікамі касцёльнага наказу адносна святой Камуніі ў Велікодны перыяд, а таксама абавязку прынамсі раз на год прыступіць да споведзі.
“Вядома, што людзей у касцёлах сёння значна менш, чым звычайна. Святары кажуць, што нашмат менш людзей падчас Вялікага посту і пасля Вялікадня прыходзілі да споведзі. Былі людзі, але не столькі, колькі звычайна. Ведаем прычыну гэтага. Таму біскупы прынялі рашэнне, што час велікоднай камуніі працягваецца да 15 жніўня – каб даць людзям час прыйсці да споведзі, прыняць св. Камунію”, - пракаментаваў старшыня епіскапату.
Разглядалася і пытанне ўрачыстасцей Божага Цела, калі ў многіх гарадах ладзяцца масавыя працэсіі, у прыватнасці ў Мінску і Гродне праводзяцца агульнагарадскія працэсіі з удзелам некалькіх тысяч вернікаў. Вядома, што ў сённяшніх умовах пандэміі гэта арганізаваць немагчыма, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Таму было прынята рашэнне адмяніць сёлета агульнагарадскія святкаванні.
Аднак парафіі, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, могуць правесці мясцовыя працэсіі, у прыватнасці, паставіць алтарыкі на невялікай адлегласці, каб людзям не даводзілася ісці працэсіяй, падчас якой цяжка захоўваць сацыяльную дыстанцыю.
Related items
-
Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?
-
Асеннія фотасесіі зрабілі беларускія манахіні
-
Святар РПЦ прайшоў праз Святыя брамы ў Ватыкане. Як так?
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу