BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Топ-5 святароў, якіх варта ўзгадаць у Дзень роднай мовы

Адзін з іх – святар-паэт Казімір Сваяк. Прачытайце пра яго ды іншых святароў і дапоўніце спіс.

У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, узгадваем каталіцкіх святароў, служэнне якіх цесна звязана з дзейнасцю па захаванню і папулярызацыі беларускай мовы, што таксама з'яўляецца справай Божай.

Нагадаць пра такіх святароў натхніў допіс у пабліку беларусаў-католікаў у Познані, якія распавялі пра аднаго з дзеячаў – святара-паэта Казіміра Сваяка (Кастуся Стаповіча). Нагадаем, у 1915 годзе ён прамовіў адну з першых сваіх пропаведзяў на беларускай мове ў парафіі ў Клюшчанах. Там жа арганізаваў парафіяльны хор, у якім граў на скрыпцы і спяваў. Таксама дзякуючы намаганням святара ў наваколлі была арганізавана праца некалькіх школ з беларускай мовай навучання.

«Ён меў два пакліканні: святарскае і паэтычнае – абодва цесна спалучаліся ў ім, не пярэчачы, а дапаўняючы і ўзмацняючы адно другое. Ноша гэтых двух пакліканняў была вельмі цяжкай. Ён працаваў, не шкадуючы сіл: адпраўляў літургію, удзяляў патрэбныя сакраманты парафіянам, шмат пісаў, быў прапаведнікам і асветнікам роднага народа, арганізатарам культурнага жыцця ў парафіях. Як святар ён дбаў аб духоўным адраджэнні роднага народа, адстойваў яго права на беларускамоўную літургію і беларускі Касцёл», – напісалі познанскія беларусы-католікі.

Таксама ў сувязі з Днём роднай мовы немагчыма не ўспомніць ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. У парафіі ў Віншеве ён адпраўляў беларускамоўныя святыя Імшы і перакладаў на беларускую мову Біблію па даручэнні Папы Рымскага.

Яшчэ адзін легендарны святар-перакладчык – айцец Аляксандар Надсан. Гэта святар Беларускай грэка-каталіцкай царквы, які быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, стаў аўтарам некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, малітоўніка «Госпаду памолімся», які з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане. Пераклаў з грэчаскай і славянскай моў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў.

Таксама вядомы грэка-каталіцкі святар – айцец Леў Гарошка. Ён выдаў дзясяткі кніг па гісторыі, філасофіі, тэалогіі і мовазнаўстве, прапаведаваў, навучаў, спрыяў захаванню цікавасці да ўласных каранёў сярод беларусаў на Радзіме і за мяжой, быў шматгадовым кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

І нарэшце ўзгадаем ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які перакладаў Евангелле на беларускую мову, змагаўся за незалежнасць Беларусі і быў забіты ў нацысцкім канцлагеры «Трасцянец». Ён таксама адзін з першых, хто пачаў служыць у Касцёле па-беларуску.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Ніжэй у каментарах можна працягнуць спіс святароў, якіх варта ўзгадаць у сувязі з Днём роднай мовы.

Last modified onСерада, 21 Люты 2024 16:28
Каментары   
0 #1 Юрый 2024-02-21 16:44
Кс. Адам Станкевіч - яму належыць першынства ў спісе

Як прыхільнік беларусізацыі Касцёла, вёў літургію на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні. У 1938 годзе высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 г. вярнуўся ў Вільню і стаў дырэктарам беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве арганізаваў там Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты «Крыніца».

7 снежня 1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе памёр.
be.wikipedia.org/.../...
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць