Прэм'ера ўнікальнага праекта: беларусы выпусцілі альбом на вершы святой Тэрэзы
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Пераклад зрабіў інжынер Павел Хівук, а музыка Андрусь Такінданг стварыў песні і патлумачыў, чаму альбом актуальны для беларусаў.
Прэзентацыя музычнага альбома «Ружа без пялёсткаў» на вершы святой Тэрэзы з Лізьё ў перакладзе на беларускую мову адбылася 27 ліпеня на онлайн-платформах. Альбом уключае 11 кампазіцый на вершы святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, якія пераклаў Павел Хівук – інжынер з Беларусі, які цяпер жыве ў Францыі, парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы ў бельгійскім Антверпене.
Як мы распавядалі раней, Паўлу належыць ідэя праекту, ён таксама стаў яго фундатарам, забяспечваў запіс матэрыялу. Выканаўцам, аўтарам музыкі некаторых кампазіцый і аранжыровак ужо існуючых мелодый французскіх аўтараў стаў вядомы музыка, каталіцкі вернік Андрусь Такінданг – ён запісаў альбом разам са спявачкай і музыкай Хрысцінай. Паслухаць альбом можна па спасылцы на платформы, відэа глядзіце ніжэй.
«Перад вамі кропелька з творчай духоўнай спадчыны каштоўнай пярліны святасці найноўшых часоў, дакрануўшыся да якой, чалавек не толькі ўзбагаціцца духоўна, але адкрые для сябе шлях да той лучнасці з Богам, якой дасягнула гэтая святая. Яна абрала шлях манаскага подзвігу, у той жа момант адчуваючы сябе надзвычайна маленькай і кволай, ні на што не вартай. Аднак Госпад не пакінуў яе без адказу на гэтае шчырае ўсведамленне сваёй слабасці, адкрыўшы ёй «шлях духоўнага дзяцінства», які яна назвала «малой дарогай», – пракаментаваў святар БГКЦ у Антверпене Ян Майсейчык. Андрусь
Такінданг таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі:
«Тэрэза пісала сваю лірыку ў перыяд болю і адчаю. Апрача фізічнай хваробы, святая перажывала дэпрэсію. Напрыканцы жыцця галавой дзяўчына вызнавала прысутнасць Бога, але сэрцам адчувала бязверʼе і марнасць. Святая не ўчыняла гераічныя рэлігійныя подзвігі, але была непасрэдным і мэтанакіраваным чалавекам. Гісторыя святой Тэрэзы з Лізьё для мяне – не пра ружы і ласкавасць, не пра паслухмянасць і замілаванне, а пра непасрэднасць і ўпартасць – насуперак уласнаму бязверʼю і адчаю».
Андрусь лічыць, што прыклад святой Тэрэзы з Лізьё актуальны для беларусаў:
«Беларусе братка, даражэнькая беларусачка, калі ты перажываеш няўдачу і паразу, калі няма аніякага рэсурсу, а існаванне падаецца марным, ведай – ёсць святая, чыё жыццё знешне выглядала яшчэ больш марным і бессэнсоўным. Прыемна заўжды перамагаць, але ёсць схаваная каштоўнасць у слабасці, інклюзіўнасці, ёсць каштоўнасць у кожнай чалавечай слязы і няўдачы. Абставіны могуць зруйнаваць кожнага з нас, але годнасць і вартасць душы не праміне, нават калі мы самі сабой грэбуем».
Ён дадаў, што каб найбольш поўна ўспрыняць музычны альбом, варта дадаткова прачытаць дзённік святой Тэрэзы «Гісторыя адной душы» ці паслухаць у YouTube. Канцэрты з прэзентацыяй праекту запланаваныя на верасень.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >