«Нельга святкаваць Вялікдзень і...» Моцнае слова арцыбіскупа Кандрусевіча на Пасху
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Як «культура ўпакоўкі» пранікае ў хрысціянства і да чаго прыводзіць любоў без праўды?
Пастырскае слова на Вялікдзень скіраваў да духавенства і вернікаў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У сваім разважанні ганаровы іерарх і маральны аўтарытэт беларускіх католікаў трапна ўказвае на хібы сённяшніх хрысціян, раскрывае, як «культура ўпакоўкі» пранікае ў хрысціянства.
Благаслаўленне вербаў стала важнейшым за разважанне над маральнай нясталасцю. Асвячэнне пасхальнай ежы – за свята Пасхі. Шлюбная фотасесія – за сужэнскую любоў.
Як нельга святкаваць Вялікдзень і да чаго прыводзіць любоў без праўды? Поўную версію Слова іерарха апублікавала Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, а мы зрабілі вытрымкі з тэксту.
Сучасную секулярную культуру можна назваць культурай упакоўкі, якая пагарджае зместам на карысць знешняй формы. На жаль, яна таксама ўсё часцей пранікае ў нашае хрысціянскае жыццё.
Аб гэтым сведчаць некаторыя сучасныя рэлігійныя практыкі. Благаслаўленне вербаў важнейшае за разважанне над маральнай нясталасцю чалавека, які сёння праслаўляе Езуса, а заўтра Яму здраджвае. Асвячэнне пасхальнай ежы важнейшае за свята Пасхі. Шлюбная фотасесія і вяселле — за сужэнскую любоў. Традыцыя хросту дзіцяці — за сутнасць гэтага сакрамэнту і абавязак бацькоў і хросных клапаціцца пра яго хрысціянскае выхаванне. Моднае першакамунійнае адзенне і падарункі — за духоўнае значэнне першай сустрэчы з Эўхарыстычным Езусам. Пампезнае пахаванне — за малітву ў інтэнцыі памерлага.
І Езуса ва ўсім гэтым становіцца ўсё менш і менш.
У выніку гэтага хрысціянства замест хрыстацэнтрычнага становіцца антропацэнтрычным. Цунамі секулярызму імкнецца скінуць Бога з п’едэсталу гісторыі свету і замяніць Яго чалавекам і бездухоўным гуманізмам. Нездарма святы Ян Павел ІІ кажа, што хрысціянін не можа задавальняцца мінімалістычнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю.
Мы заключаем пустэчу нашых сэрцаў у прыгожую ўпакоўку. А ў той самы час адзіная сэнсоўная пустэча — гэта пустая магіла Хрыста. Трэба памятаць аб тым, што маніпуляванне вучэннем Хрыста гасіць святло Уваскрослага, а вернасць Яго вучэнню вядзе да такой жа славы, з якой Ён выйшаў з магілы.
Нельга святкаваць Вялікдзень і заставацца нявольнікамі граху. Хрыстус выйшаў з магілы не для таго, каб чалавек працягваў знаходзіцца ў грахоўным балоце, а каб уваскрос у Божай ласцы і жыў у ёй. А Божая ласка не можа быць там, дзе пануе кампраміс з грахом.
Пасха — гэта праяўленне бязмежнай любові Бога да чалавека. Але любоў без праўды — гэта замаскіраваная пад міласэрнасць ядавітая пастка. Таму Вялікдзень заклікае не толькі абвяшчаць праўду ўваскрасення Хрыста, але таксама без двухсэнсоўнасці і занядбанняў абвяшчаць Яго вучэнне.
Мы не маем права бянтэжыць іншых нязгоднымі з маральнымі нормамі перакананнямі і паводзінамі. Наадварот, сваім хрысціянскім сведчаннем павінны ўмацоўваць іх веру, бо сумневы адносна веры адчыняюць дзверы граху.
Таму неабходна бараніць праўду Евангелля, а не прыстасоўвацца да сучасных амаральных ідэалогій. Паводле святога Аўгустына, праўда падобная да льва. Леў — кароль звяроў і яго не трэба бараніць, бо ён сам сябе абароніць. Таксама і праўду не трэба бараніць. Дастаткова яе абвясціць — і яна абароніць сама сябе.
Таму Вялікдзень ставіць нас перад выбарам. Мы ўсім сэрцам трымаемся атрыманай ад апосталаў праўды веры ці губляемся ў хаосе стэрыльных навінак рэлігійнай абыякавасці і мадэрнізму. Мы з уваскрослым Хрыстом ці будуем ідала на гліняных нагах?
Мы павінны верыць ва Ўваскрасенне Хрыста так жа, як верым, што пасля захаду сонца наступнай раніцай наступіць яго ўсход.
Бог існуе і абяцае нам вечнае жыццё, гарантыяй якога з’яўляецца праўда ўваскрасення. Калі б хрысціянства не грунтавалася на ёй, нашыя хрысціянскія супольнасці былі б падобныя да клубаў па інтарэсах. Наша вера і пакланенне нічога б не значылі. У нас не было б надзеі і мы не змаглі б перамагчы жыццёвыя праблемы.
Але Хрыстус уваскрос. І гэта цудоўная частка гісторыі чалавецтва. Сваім уваскрасеннем Ён адкрыў нам шлях у шчаслівую вечнасць. Няхай тады Вялікдзень будзе для нас часам праўды, якая чыніць нас свабоднымі, і часам адраджэння ў Духу Святым.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Цудоўная гісторыя ў Вербную нядзелю: дзядулі ў Гродне дапамаглі праз «сілу Threads»
-
Новы факт ціску на католікаў у РФ: з храма ва Уладзіміры патрабуюць прыбраць абраз заступніка парафіі
-
Упершыню за апошнія гады католікам у Баранавічах дазволілі правесці Крыжовы шлях вуліцамі горада
-
Дзяржорганы звярнуліся да святароў з просьбай дапамагчы ў далікатнай справе
-
Пад Мінскам плануюць пабудаваць новы касцёл – якім ён будзе