Хрыстус уваскрос! Католікі святкуюць Вялікдзень (+ фота)
- Written by katolik-gomel.by
- Published in Навіны - Гомель
- Comments (2)
Свайго пятага дзіцяці хрысцілі на ўсяночнай шматдзетныя сужэнцы.
27 сакавіка больш за мільярд католікаў ва ўсім свеце святкуюць Вялікдзень - Уваскрасенне Госпада Ісуса Хрыста. У ноч на нядзелю многія вернікі сабраліся ў храмах, каб сустрэць гэты вялікі пераход ад смерці да жыцця. Напярэдадні католікі перажывалі Вялікі чацвер і Літургію абмывання ног, а таксама Вялікую пятніцу.
Сотні гомельскіх католікоў таксама сабраліся разам у Велікодную ноч, маліліся і слухалі Слова Божае да самай раніцы. З-за недахопу месцаў у касцёле службы праводзіліся паралельна ў двух залах. Шмат хто прыйшоў у гэтую ноч з дзецьмі, бо перадаць сваю веру дзецям - гэта абавязак кожнага хрысціяніна. І многія абрады адмыслова праводзіліся менавіта для маленькіх вернікаў.
Пачалася ўсяночная з Літургіі святла: каб дзецям было прасцей зразумець сэнс Уваскрасення Хрыстовага, які перавёў людзей ад смерці да жыцця, ад цемры да святла. Вернікі пачулі дзевяць чытанняў: пра стварэнне свету, пра айца веры - Абрагама, пра зыход габрэяў з егіпецкага рабства, а таксама Слова Божае, дадзенае праз прарокаў і апосталаў, Евангелле пра Уваскрасенне Езуса.
Перад кожным чытаннем дарослыя звярталіся да дзяцей, тлумачачы, пра што зараз будзе казаць Бог, запрашалі слухаць Яго Слова. Каб дапамагчы дзецям не спаць, іх сабралі перад алтаром выканаць песню аб тым, чаму ў гэтую ноч яны не спяць.
- Толькі Ісус Уваскрослы можа выратаваць цябе ад тваіх грахоў: твайго алкагалізму, тваёй нявернасці, хлусні, ляноты, эгаізму. Табе трэба толькі запрасіць Яго ў сваё жыццё, і Ён уваскрэсіць цябе, - заклікаў айцец Славамір.
- Гасподзь паступова, каб мы адразу не аслеплі, выводзіць нас з цемры на святло. Пасха - гэта наш шлях з самай глыбокай цемры да світанку, а потым і да поўнага дню, - патлумачыў у казанні айцец Андрэй.
Падчас усяночнага чування ў Гомелі ўрачыста хрысцілі нованароджанага. Свайго пятага дзіцяці - маленькую Паўліну - у касцёл прынесла шматдзетная сям'я Мякшынавых. Хроснымі таксама былі шматдзетныя сужэнцы, у якіх ужо трое дзяцей.
Таксама і парафіяне абнавілі свой хрост: пасля публічнага адрачэння ад граху і сатаны, вызнання сваёй веры, святар акрапіў вернікаў асвячонай вадой.
Завяршылася начное чуванне Хросным ходам пад гук званоў. Святочныя святыя Імшы працягваюцца ў нядзелю і ўвесь наступны тыдзень.
Related items
- Кветкі, ровары, жанчыны: замалёўка з Імшы ля прыдарожнага крыжа
- Як усміхаецца найстарэйшы іерарх Беларусі? Неафіцыйны рэпартаж з Янава
- У Беларусі прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю каталіцкі абрад «Тры каралі»
- Дыскатэкай на ўсю вуліцу адзначаюць на Гродзеншчыне... Першую Камунію ў дзяцей
- Старадаўняя капліца згарэла на могілках у Смаргоні
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу