Чорны Лось - шаман, які стаў місіянерам
- Written by перевод Алины Приходько
- Published in Гісторыі навяртанняў
- Add new comment
Гэты карэнны індзеец з племені Sioux Oglala (Lakota) жыў у цяжкія часы, калі ўсе тэрыторыі былі захопленыя белымі, а самі індзейцы знаходзіліся ў рэзервацыі. Яны, годныя воіны і паляўнічыя, былі вымушаныя прывыкаць да побыту земляробаў і жыцця за грашы, якія атрымлівалі ад амерыканскага ўрада. Бацька Чорнага Лася быў ваяром і шаманам.
Калі Чорнаму Ласю (Black Elk - Hehaka Sapa) было дзевяць гадоў, ён захварэў нікому не вядомай хваробай. На працягу 12 дзён ён знаходзіўся без прытомнасці. Падчас комы яму было дадзена бачыць неверагодныя бачанні. Духі абралі яго, каб даверыць яму місію выратавання племя. Яны таксама адорвалі яго звышнатуральнай сілай. Гэта бачанне аказала вялікі ўплыў на яго жыццё. Да самай смерці Чорны Лось задумваўся над яе праўдзівым значэннем. Доўгі час ён захоўваў сваё бачанне ў таямніцы. Калі ён, у рэшце рэшт, адкрыў яе ў 1881 годзе, яго абвясцілі шаманам і з таго часу лічылі святым чалавекам. Ён стаў адным з найбольш шанаваных членаў, правадыроў свайго племя.
12-гадовым хлопцам Чорны Лось прымаў удзел у пераможнай бітве індзейцаў на рацэ Little Big Horn. У 1886 годзе ён уступіў у групу Бафала Біла, якая ставіла неверагодныя прадстаўленні з жыцця Дзікага Захаду - Wild West Show. Разам з тэатральнай трупай, якая складаецца з індзейцаў, каўбояў і стралкоў, Чорны Лось праехаў значную частку Заходняй Еўропы. Праз тры гады ён вярнуўся ў Амерыку і ўступіў у рух, які ажыццяўляў рытуал, што называўся Танцамі Духа. Гэта адмысловы танец, падчас якога індзейцы павінны былі быць нябачнымі, і які павінен быў спрыяць зыходу белых людзей і вяртанню бізонаў.
У 1892 годзе Чорны Лось ажаніўся на індыянцы-каталічцы. Жанчына нарадзіла яму траіх сыноў. Нягледзячы на тое, што ў племені, у якім жыў Чорны Лось, амаль усе былі ўжо каталікамі, а прыняць каталіцтва Чорнага Лася ўгаворваў яго самы блізкі сябар, індзеец ўсё ніяк не мог вырашыцца на гэты крок. Ён меў патрэбу ў нейкім больш моцным імпульсе і ў хуткім часе ён яго дачакаўся.
У лістападзе 1904 года 41-гадовы Чорны Лось прыбыў здзейсніць свае шаманскія рытуалы "yuwipi" у Payabya ля ложка паміраючага хлопца. Калі ён пачаў свой рытуал, увайшоў нямецкі езуіт Joseph Lindebner - Чорнае Адзенне, як гаварылі аб езуітах індзейцы. Святар выкінуў шаманскія ляскоткі і бубны, а тытунь, прыгатаваны ў ахвяру для духаў, выкінуў у агонь. «Пайшоў прэч, сатана!» - загадаў Чорнаму Ласю святар. Пасля таго, як ён пазбавіўся ад шамана, святар даў хвораму хлопцу Святую Камунію і здзейсніў над ім сакрамэнт памазання хворых.
Калі езуіт выйшаў з намёта, ён сустрэў Чорнага Лася. Індзеец выглядаў так, як быццам ён страціў усё духоўныя сілы. Святар запрасіў яго ў павозку і прывёз у сваю місію. Чорны Лось быў вымыты, апрануты і накормлены. Ён знаходзіўся ў місіі два тыдні, рыхтуючыся да прыняцця сакрамэнту хросту. Быў ахрышчаны 6 снежня 1904 года, прыняўшы імя Мікалай (Nicholas). Ён кінуў свае шаманскія рамёствы і ўсім сэрцам аддаўся ў паглыбленне каталіцкай веры. Да самай смерці - на працягу 46 гадоў - былы шаман ахвярна дапамагаў езуітам, як прапаведнік-місіянер. Аб'язджаў тэрыторыі, на якіх жылі індзейцы, наведваў іншыя плямёны - Арапахаў, Амаха, Шашонаў і г.д. Ён казаў ім пра веру, выкарыстоўваючы галоўным чынам толькі катэхізіс у малюнках, які называўся картай двух дарог, на якім пры дапамозе вобразаў былі прадстаўлены дзве дарогі: адна вядзе ў пекла, іншая вядзе ў неба. Мужчыне, якога глыбока паважалі, удалося навярнуць 400 чалавек.
У сувязі з недахопам неабходнай колькасці святароў, адораны гумарам, здольнасцямі красамоўства і поўны энергіі Чорны Лось праехаў вялізныя тэрыторыі з ружанцам у руках, каб старшынстваваць на літургіях слова, пахаваннях, хрысціць дзяцей, суцяшаць хворых і знаёміць індзейцаў з каталіцкай верай. Дапамагаў арганізаваць Каталіцкі Кангрэс Sioux і выступаў з прамовай падчас яго правядзення. На ўласнай шкуры адчуў мілату акрыяння самага малодшага сына Мікалая, вымаленага пры заступніцтве святой Тэрэзы з Лізьё.
Ён быў гарачым каталіком, часта маліўся і прымаў сакрамэнт Камуніі. Вывучаючы Біблію, ён хутка заўважыў падабенства паміж ізраільцянамі і індзейцамі, якія такім жа чынам чакалі свайго Месію. Ён таксама прызнаў, што каталіцтва з'яўляецца неабходным выкананнем вераванняў індзейцаў, у якіх найважнейшым бажаством быў Вялікі Дух (Wakan Tanka), а яго бачанне, над якім ён усё жыццё задумваўся, было заклікам да ацалення ягонага народа дзякуючы ўвядзенню яго на дарогу праўдзівай веры - хрысціянства. У апошнія гады жыцця Чорны Лось - так як і многія індзейцы - пакутаваў ад туберкулёзу і памёр у рэзервацыі Pine Ridge у 1950 годзе.
Крыніцы: Michael F. Steltenkamp, "Black Elk - Holy Man of the Oglala", Univ. Of Oklahoma Press: Norman and London, 1993. Diana Heichel, "Black Elk (1863-1950): A Brief Biography", za: web.csustan.edu/English/reuben/pal/chap7/blackelk.html Caroline and Rob Lorenz, "Nicholas Black Elk, Catechist", www.peace.mb.ca/00.Native/nlrnz02.htm
Related items
- Гаворыць і паказвае Бог. Што азначае свята Хрыста Валадара, якое адзначаюць католікі
- «Усходняя маланка» пад выглядам католікаў уцягвае ў секту вернікаў. Сярод іх ёсць і беларусы
- Ксёндз Завальнюк набраў тысячу падпісчыкаў. Ён стаў адзіным, хто згадаў пра гадавіну закрыцця Чырвонага касцёла
- Быў ксяндзом – стаў шматдзетным бацькам. Адкрыта – пра былых святароў
- Новы біскуп пасвечаны ў Беларусі: «Просім міра ў Бога»