BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

 

Віцэ-канцлер Дамінік Іваноў, які доўгі час працаваў у Гомелі законанастаўнікам, адказаў Шчэнху, што святароў для памянёных парафій Мінскай дыяцэзіі няма, бо там працуюць толькі тры святары, і біскуп даручае ксяндзу Мустэйкісу з Антушаў і ксяндзу Лупіновічу з Жлобіна, каб яны, па магчымасці, паразумеўшыся паміж сабой, абслугоўвалі парафіі ў Ігуменскім і Бабруйскім дэканатах. Далей Іваноў пісаў, што дэлегаванне ксяндза Шацілы для аб’езду Хойніцкай, Астраглядавіцкай і Рэчыцкай парафій было вельмі пажаданым і можа выкарыстоўвацца і ў будучыні, і калі ўмовы не зменяцца, то няхай ксёндз Шаціла нейкі час аб’язджае тыя пункты. Таксама трэба ў гэтым жа накірунку штурхаць ксяндзоў Мустэйкіса і Лупіновіча, каб і яны пераймаліся гэтай справай і неслі рэлігійную дапамогу католікам, якія засталіся без апекі. Прыслаць другога ксяндза ў Гомель для дапамогі Шчэнху немагчыма.

З прыняццем пастановы УЦВК ад 16 лютага 1922 г., якая дэкларавала прымусовую здачу «усіх каштоўных рэчаў з золата, серабра і каменняў, канфіскацыя якіх не можа істотна закрануць інтарэсы самога культу» пачаўся адлік маштабнай усерасійскай кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў.

На пасяджэнні Польбюро Гомельскага губкама РКП(б) 12 красавіка 1922 г. было пастаўлена пытанне аб неабходнасці прыступіць да агітацыйнай працы сярод польскага (каталіцкага) насельніцтва па канфіскацыі літургічных рэчаў з касцёла на карысць галадаючых Паволжа. У выніку было прынята рашэнне правесці шэраг мітынгаў і сходаў гомельскіх палякаў (католікаў) па пытанні аб канфіскацыі з мясцовага касцёла літургічных рэчаў. Таксама было вырашана канфіскаваць літургічныя рэчы з усіх касцёлаў Гомельскай губерні. У сувязі з супрацівам канфіскацыі быў арыштаваны в.а. гомельскага пробашча ксёндз Леан Буйноўскі і найбольш актыўныя гомельскія парафіяне.

У 1923 г. Гомельскі дэканат налічваў восем парафій і шэсць святароў. Прыкладна з 1923 г. антырэлігійная прапаганда на некалькі гадоў крыху аслабла. Тлумачыцца гэта не зменай уладамі стаўлення да рэлігіі, а неэфектыўнасцю антырэлігійнай прапаганды. На мясцовым узроўні не было падрыхтаваных кадраў, якія б маглі прафесійна весці антырэлігійную працу. Нават у 1928 г. сітуацыя не змянілася. Аб гэтым гаворыць пратакол №1 нарады актыву палякаў — членаў і кандыдатаў у члены КП(б)Б, у якім зазначаецца, што барацьба з рэлігіяй «у Гомелі і Рэчыцы зусім не праводзілася, лічачы гэта… недапушчальным, пры наяўнасці кіраўнічых клерыкальных арганізацый у гэтых гарадах».

У 1925—1926 гг. у Гомельскім дэканаце было сем парафій працавалі чатыры ксяндзы: К.Андрэкус — гомельскі дэкан і адміністратар Гомельскай парафіі, К.Мустэйкіс — адміністратар Антушаўскай парафіі, Б.Валынец — філіяліст Люшаўскай парафіі, адміністратар Чачэрскай парафіі і П.Бараноўскі — адміністратар Нежынскай парафіі. Уласна на беларускай тэрыторыі знаходзіліся чатыры касцёлы і 19 капліц дэканата.

У канцы 20-х гг. палітыка савецкай дзяржавы кардынальна мяняецца. У сувязі з пастановай УЦВК РСФСР «Аб рэлігійных аб’яднаннях» ад 8 красавіка 1929 г. пачынаецца «разгорнуты наступ сацыялізму» на рэлігію. Узмацняецца антырэлігійная прапаганда, пачынаецца закрыццё храмаў і рэпрэсіі супраць духавенства. За кароткі перыяд практычна ўсе касцёлы і капліцы былі зачынены. У 1930 г. ва ўсходняй Гомельшчыне дзейнічалі толькі Гомельскі касцёл і капліца ў Рудні-Стаўбунскай, якая таксама хутка была зачынена. Да 1937 г. усе каталіцкія святары на тэрыторыі Гомельскага дэканата былі арыштаваны, а Гомельскі касцёл зачынены. Большая частка арыштаваных святароў была расстраляна.

Каб паралізаваць працу рэлігійных структураў савецкай уладзе трэба было прапанаваць нацыянальна-рэлігійным меншасцям нешта ў замен, хаця б і нейкі эрзац. Таму яшчэ ў 1919 г. пры Гомельскім губкаме РКП(б) была створана польская секцыя. У губерні дзейнічалі польскія школы (пачатак польскім савецкім школам быў пакладзены пастановай Народнага камісарыята асветы ад 31 кастрычніка 1918 г. «Аб школах нацыянальных меншасцяў»). Праца гэтых школ праходзіла складана з-за некампактнага пражывання каталіцкага «польскага» насельніцтва.

Варта адзначыць, што ўплыў Каталіцкага Касцёла на каталіцкае вясковае грамадства Гомельшчыны ў пачатку ХХ ст. быў у цэлым мацнейшы, чым уплыў Праваслаўнай Царквы на праваслаўнае грамадства. Магчыма, у гэтым прычына папулярнасці сярод беларускага праваслаўнага сялянства сацыялістычных ідэй і даволі масавай падтрымкі ім камуністычнага руху. А вось вясковае каталіцкае насельніцтва Гомельшчыны мела моцную прышчэпку ад камуністычных ідэй. Каб не быць галаслоўным, варта прывесці такі факт: у 1927 годзе на ўсю Гомельскую акругу прыходзіўся толькі адзін член і два кандыдаты ў партыю з сялян-палякаў.

Канстытуцыя БССР 1927 г. заканадаўча замацавала палітыку па стварэнні ў мясцовасцях з кампактнай большасці насельніцтва пэўнай нацыянальнасці нацыянальных саветаў. Такая палітыка праводзілася з 1924 г. Нацыянальныя саветы з’яўляліся органамі ўлады, якія разам з выкананнем універсальных агульнасавецкіх функцый павінны былі забяспечваць гаспадарчае і культурнае развіццё нацыянальных меншасцяў.

На 1929 г. каталіцкае насельніцтва Гомельскага дэканата пражывала ў асноўным у гарадах Гомелі і Добрушы і ў сельскіх каталіцкіх («польскіх») населеных пунктах.

На тэрыторыі Гомельскага дэканата, дзе каталіцтва было практычна знішчана ў канцы 1930-х гг., апроч Гомеля ў пасляваенны перыяд нелегальна дзейнічалі толькі тры нешматлікія групы католікаў: дзве групы ў вёсцы Рудня-Стаўбунская Веткаўскага раёна і адна ў Свяцілавіцкім раёне (раён скасаваны ў 1957 г.). Лакалізацыя свяцілавіцкай групы невядома, магчыма, група дзейнічала ў вёсцы Рудня-Шлягіна, дзе каталіцкая традыцыя працягвалася да самага адсялення вёскі ў канцы 1980-х гг.

1940-я і 1960-я гг. характарызуюцца адміністрацыйным уціскам на Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі ў цэлым і ўсходняй Беларусі ў прыватнасці. Нягледзячы на намаганні вернікаў усходніх абласцей дамагчыся рэгістрацыі парафій і адкрыцця капліц і касцёлаў, уладамі гэта не было дазволена. Пры гэтым нельга сказаць, што ў адмове ў рэгістрацыі павінны толькі цэнтральныя ўлады СССР. У 1955 г. старшыня Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР І.Палянскі накіраваў у ЦК КПСС ліст аб неабходнасці пашырэння колькасці касцёлаў на Беларусі. Яго ў гэтым падтрымаў упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР К.Уласевіч. Перад партыйнымі органамі рэспублікі было пастаўлена пытанне аб мэтазгоднасці адкрыцця касцёлаў у Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцях — там, дзе яны былі зачынены 30 гадоў таму, аднаўленні ў Мінску каталіцкага цэнтра з біскупам. Але рэспубліканскія партыйныя органы праігнаравалі гэтую ініцыятыву.


Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48

Related items

Каментары   
+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць