BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Выстава «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны» адкрылася ў абласным цэнтры

На выставе, арганізаванай гісторыкамі, можна пабачыць, дзе і як на Гомельшчыне жылі вядомыя каталіцкія сем'і.

У гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы «Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны». Выстава - сумесны праект шэрагу гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, аматараў даўніны. Ініцыятары і арганізатары праекту - гісторык Марыя Булавінская, архітэктар Сяргей Ляпін і мастачка Ірына Панкова. Выстава ўяўляе сабой мапу шляхецкіх сядзіб Гомельшчыны, прадметы побыту прадстаўнікоў старажытных родаў і жывапісныя творы мастачкі Ірыны Панковай. Яна замалёўвала шляхецкія сядзібы ў тым стане, ў якім яны захаваліся да нашых часоў і рэканструявала ў сваіх творах дарэвалюцыйны выгляд маёнткаў.

Як піша БелаПАН, на мапе прадстаўлены 27 сядзіб - і тыя, якія існуюць і сёння, і тыя, ад якіх засталіся толькі парэшткі ці наогул нічога не захавалася. Сядзібы будаваліся ў асноўным у стылі класіцызму, але сустракаліся і барочныя, і гатычныя. Гэта былі не толькі велічныя палацы, але і даволі сціплыя пабудовы. «На мапе прадстаўлены сядзібы, якія мы здолелі аднавіць. Але гэтае аднаўленне схематычнае, можам агулам убачыць архітэктуру, паглядзець старыя фотаздымкі, параўнаць з сучасным станам будынкаў. Выявы сядзібаў рэканструяваліся па розных крыніцах: малюнках, старых фотаздымках, успамінах былых жыхароў, апісаннях даследчыкаў», - адзначыў архітэктар Сяргей Ляпін.

Мэта праекту, па словах адной з ініцыятараў Марыі Булавінскай – папулярызацыя шляхецкай спадчыны рэгіёну. «Шляхецкая спадчына доўгі час знішчалася, і мы мала яе ведаем. Многія сядзібы ў занядбанні, гэтыя будынкі патрабуюць увагі. Былыя гаспадары будынкаў былі вымушаны ў часы ліхалецця з'ехаць за мяжу. Яны вельмі любілі сваю зямлю, гэты край, народ. Гэта былі не палякі, гэта была наша шляхта, мясцовая, яны шмат карыснага рабілі для нашага краю. Мы, на жаль, забыліся пра іх», - пракаментавала Марыя Булавінская.

Выставу планавалася адкрыць у музеі гісторыі Гомеля – паляўнічым доміку, які раней належаў роду Лісоўскіх-Крушэўскіх. «Была згода на выставу. І вось за пяць дзён да адкрыцця нам кіраўніцтва музею адмовіла, бо ім не спадабалася слова «шляхта», яны прапаноўвалі прыбраць такую назву, і не ўжываць нават у дачыненні прадстаўнікоў старажытных родаў, гаварыць проста «пачэсныя жыхары Гомеля» ці кшталту гэтага», - адзначыла гісторык.

На адкрыцці выставы прысутнічаў і нашчадак старажытнага роду Нолькеных-Ханецкіх. Знакаміты род Нолькеных валодаў у Гомелі шэрагам будынкаў, маёнткам у Касцюкоўцы, прадстаўнік роду – барон фон Нолькен быў губернатарам Магілеўскай губерні. Гісторык Вітальд Ханецкі займаецца ў асноўным даследаваннем шляхты Магілёўскай губерні, і гаворыць, што аб сваім родзе ведае ўсе.

«Наш род з дробнай шляхты Менскага павету. Уладзіслаў Ханецкі апынуўся тут, на Гомельшчыне, бо быў упраўляючым маёнткам барона Нолькена. Яго дачка – мая стрыечная бабуля, выйшла замуж за сына барона Нолькена, і так стала гаспадыняй сядзібы ў Касцюкоўцы», - адзначыў Вітальд Ханецкі. Ён лічыць, што аднавіць, адбудаваць шляхетныя сядзібы на ўсходзе Беларусі – маларэальна.

«Няма ўжо той культуры. На дзяржаву спадзявацца няма сэнсу, гэта мусяць быць грамадскія ініцыятывы ў першую чаргу. Былыя гаспадары ці іх нашчадкі жывуць у Польшчы, іх дом там, адсюль яны выехалі каля стагоддзя таму, да гэтай зямлі ў іх засталіся толькі сантыменты», - дадаў гісторык.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць