BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Дзіцячую вёску, пабудаваную «Карытас», наведалі міністр і прадстаўнік ЮНІСЕФ [фота]

Гомельскі досвед хочуць перадаць іншым падобным інтэрнатам.

8 снежня гомельскую «Дзіцячую вёску» (дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця) наведала дэлегацыя, у складзе якой былі міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. Менавіта па ініцыятыве гэтай міжнароднай арганізацыі адбыўся візіт ва ўстанову, пабудаваную Дабрачыннай каталіцкай місіяй «Карытас-Міласэрнасць». Як распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё каардынатар праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Аляксандр Каранкевіч, сумесны візіт быў праведзены для азнаямлення з нацыянальнай палітыкай арганізацыі рэабілітацыйнай прасторы для дзяцей з інваліднасцю ў рамках інтэрнатнай установы і перадачы досведу.

«Мы лічым, што гомельскі вопыт - дом-інтэрнат, які стварыў аптымальныя ўмовы, набліжаныя да сямейных, для дзяцей з інваліднасцю, з'яўляецца прыкладам, якога маглі б прытрымлівацца іншыя падобныя ўстановы для таго, каб дзецям сапраўды было камфортна. Тут улічваецца іх ступень інваліднасці, тыя асаблівасці развіцця, якія ў іх ёсць, у інтэрнаце спрыяюць развіццю таго патэнцыялу, які можна развіць», - заўважыў Аляксандр Каранкевіч.

Як лічаць у прадстаўніцтве ЮНІСЕФ, неабходна звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі існуе вопыт, які можа быць распаўсюджаны ў іншых раёнах і абласцях. У прыватнасці, у Мінску ёсць падобная ўстанова - дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, і тут плануецца будаўніцтва новага корпуса. Міжнародная арганізацыя хацела б сфакусаваць увагу мінскіх гарадскіх уладаў на гомельскі інтэрнат, каб пры прыняцці канцэпцыі новага корпуса зыходзілі з таго станоўчага вопыту, які можна выкарыстоўваць.

Міністр і прадстаўнік ЮНІСЕФ уважліва агледзелі карпусы, пагутарылі з персаналам і азнаёміліся з прынцыпамі работы інтэрната. У адміністрацыі ўстановы распавялі пра вялікія поспехі ў развіцці кожнага з выхаванцаў. Напрыклад, у інтэрнаце не засталося ўжо ніводнага дзіцяці, якога прыходзілася б карміць праз зонд - усе дзеці харчуюцца, карыстаючыся сталовымі прыборамі.

Як адзначыў дырэктар ДКМ «Карытас-Міласэрнасць» ксёндз Юры Варанко, установе было прыемна прымаць такіх гасцей і пачуць з іх вуснаў высокую ацэнку. Па словах святара, доўгія гады сумесных з дзяржорганамі намаганняў прынеслі свой плён, і гэта натхняе на тое, каб не спыняцца на дасягнутым - неўзабаве павінна пачацца будаўніцтва другой чаргі дома-інтэрната. У «Карытас-Міласэрнасць» чакаюць, што як мага больш людзей адгукнецца і паўдзельнічае ў фінансаванні праекта - зараз праходзіць збор сродкаў на будаўніцтва. Да супрацоўніцтва запрашаюцца таксама зацікаўленыя арганізацыі (гл. падрабязную інфо і рэквізіты >>>).

Нагадаем, «Дзіцячая вёска» з'явілася ў Навабеліцкім раёне Гомеля ў 2011 годзе. Увесь комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Германіі, Аўстрыі, Італіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў. Потым на гэтай базе ў цесным супрацоўніцтве з абласным камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва быў створаны «Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця», фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сям'і складаюцца з 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-законніца - разам з работнікамі інтэрнату яны клапоцяцца аб належным клімаце выхавання і апякуюць жыццё выхаванцаў. Трапіць у дом-інтэрнат мае магчымасць кожны, хто ў гэтым мае патрэбу, незалежна ад веравызнання.

Last modified onСерада, 04 Красавік 2018 16:45

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць